Портал
карта области

Рагачоўскі раён

Лынькоў Рыгор Ціханавіч (1909, чыг. будка каля в. Старое Сяло Рагачоўскага раёна – 1941), беларускі пісьменнік, перакладчык, публіцыст. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Маленства прайшло на Рагачоўшчыне. Сям’я не мела асаблівага дастатку, у 1920 г. памёр бацька, у 1923 г. загінула маці. Дзяцей забраў да сябе ў мяст. Свержань старэйшы брат Міхась, які там настаўнічаў, потым пераехалі ў Бабруйск. Пасля заканчэння васьмі класаў працаваў загадчыкам хаты-чытальні ў в. Ахвоцічы Бабруйскага раёна. Потым служыў у арміі, пасля дэмабілізацыі працаваў у газеце «Камуніст». З 1936 г. – адказны сакратар газеты «Літаратура і мастацтва». У 1941 г. прапаў без вестак.

Друкавацца пачаў у 1925 г. Выступаў пераважна як паэт пад псеўданімам Рыгор Суніца ў газеце «Камуніст», яе літаратурным дадатку «Вясна», у зборніку Бабруйскай філіі «Маладняка» – «Уздым» і інш. Быў адным з самых актыўных літаратараў Бабруйшчыны. У 1927 г. надрукаваў апавяданне «Лыска» пад псеўданімам Р.Смелы. Артыкулы і пераклады падпісваў уласным імем ці крыптанімамі. З сярэдзіны 30-х гадоў выступаў як перакладчык з рускай, грузінскай, казахскай, польскай, нямецкай, іспанскай паэзіі. Пераклаў п’есу М.Святлова «Казка» і інш. творы. Большая частка твораў загінула ў час вайны.

Літаратура аб жыцці і дзейнасці:

  1. На пачатку шляху // Казека, А. Падарожжа ў маладосць / Я. Казека. – Мінск, 1984. – С. 60-78.
  2. Марціновіч, А. З Рагачоўскага рога – усяго многа: [аб знакамітых пісьменніках Рагачоўшчыны: Лізавета Паўлоўская, Уладзімір Кігн-Дзедлаў, Міхась Лынькоў, Рыгор Лынькоў,Уладзімір Караткевіч, Андрэй Макаёнак, Мікола Сурначоў і інш.] /Алесь Марціновіч // Полымя. – 2016. – № 8. – С. 171-190.