Портал
карта области

Рагачоўскі раён

Пшыркоў Юльян Сяргеевіч (31.10. 1912, в. Кісцяні Рагачоўкага раёна – 23.12.1980), беларускі літаратуразнаўца і крытык.Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1950). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1980). Доктар філалагічных навук (1962). Прафесар (1964). Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1978). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, «Знак Пашаны» і медалямі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа (1980).

У 1924 годзе скончыў мясцовую пачатковую школу, потым рагачоўскую сямігодку ў 1928 г. У 1929 годзе паступіў на двухгадовыя настаўніцкія курсы ў г. Рагачове. З-за вострай патрэбы ў вясковых настаўніках праграма навучання была скарочана і ўжо праз год Ю. Пшыркоў атрымаў пасведчанне педагога, працаваў у Клічаўскім і Буда-Кашалёўскім раёнах. Далейшая адукацыя Ю. Пшыркова была звязана з Ленінградскім інстытутам філасофіі, літаратуры і гісторыі (пазней быў рэарганізаваны ў філалагічны факультэт Ленінградскага ўніверсітэта), куды ён паступіў ў 1934 годзе. У 1939 годзе па заканчэнні ўніверсітэта з адзнакай «выдатна» вярнуўся на радзіму, уладкаваўся ў Магілёўскі педінстытут. Паралельна з выкладчыцкай працай, рыхтуючыся да далейшай навуковай работы, здаў экзамены па кандыдацкім мінімуме.

У лістападзе 1940 года быў прызваны на вайсковую службу, якая расцягнулася і на доўгія гады Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнічаў у баях пад Ленінградам і Кёнігсбергам, быў тройчы паранены.

Пасля дэмабілізацыі Ю. Пшыркоў быў прыняты ў Інстытут літаратуры АН БССР.

У друку выступіў у 1940 г. Даследаваў творчасць Я. Коласа, Я. Брыля, В. Быкава, У. Дубоўкі, А. Макаёнка, М. Танка, К. Крапівы і інш., карпатліва, па крупінках, збіраў матэрыялы аб творчай спадчыне беларускіх пісьменнікаў.

Аўтар даследаванняў «Уплыў творчасці А. С. Пушкіна на развіццё беларускай літаратуры» (1949), «Народны паэт БССР Якуб Колас» (1949), «Якуб Колас. Жыццё і творчасць» (1951), «Трылогія Якуба Коласа «На ростанях» (1956), «Беларуская савецкая проза. 20-я – пачатак 30-х гадоў» (1960), «А. Е. Богданович» (1966), «Эпас рэвалюцыі» (1975), «Летапісец свайго народа. Жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа» (1982).

Адзін з аўтараў дапаможнікаў для 8-10 класаў і першага стабільнага падручніка (разам з Н. С. Перкіным) «Беларуская савецкая літаратура» дя 9-10 класаў (1959-1973), прац «Нарыс гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1954), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (Т.1-2, 1968–1969), «Истории белорусской дооктябрьской литературы» (1977). Складальнік альбома «Якуб Колас. Жыццё і творчасць» (1959), зборніка «Тарас Шаўчэнка і беларусы» (1964, разам з І. Крэнь).

Літаратура аб жыцці і дзейнасці:

  1. Александровiч, С. Юльяну Пшыркову – 60 / С. Александровіч // Лiтаратура і мастацтва. – 1972. – 27 кастрычніка.
  2.  Лойка, А. Да 60-годдзя Ю. С. Пшыркова / А. Лойка // Полымя. – 1972. – № 10.
  3.  Пшыркоў Юльян // Гардзіцкі, А. К. Пісьменнікі Савецкай Беларусі : кароткі даведнік / склад. А. Гардзіцкі. – Мн. : Маст.літ., 1981. – С. 285 - 286.
  4.  Пшыркоў Юльян // Беларускія пісьменнікі (1917-1990) : Даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. – Мн. : Маст. літ., 1994. – С. 448.
  5.  У мірнай працы : Пшыркоў Юльян Сяргеевіч // Памяць: Гіст.- дакум. хроніка Рагач. р-на / Беларус.Энцыкл.; гал. рэд. Бел.Сав.Энцыкл. : Б. І. Сачанка, (гал. рэд.) і інш.; маст. А. М. Хількевіч. – Мн. : БелЭн, 1994. – С. 491 - 492.
  6. Пшырков Юльян // Беларускiя пiсьменнiкi: бiябiблiягр. слоўн. : у 6 т. Т. 5. / Iн-т лiт. iмя Я. Купалы АН Рэспублiкi Беларусь, Беларус. Энцыкл.; пад рэд. А. В. Мальдзiса; рэдкал.: I. Э. Багдановiч i iнш. – Мн. : БелЭн, 1995. – С. 87.
  7.  Пшыркоў Юльян // Кулажанка, Л. Літаратурныя мясціны Беларусі : краязн. Даведнік : у 3 кн. Кн. 1. : Брэсц., Віцеб. і Гомел. вобл. / Л. Кулажанка, А. Мальдзіс, С. Сачанка; маст. А. С. Забаўская. – Мн. : БелЭн, 2000. – С. 273.
  8. Ён быў тыпам беларуса ў яго найлепшым праяўленні : [100 гадоў з дня нараджэння] // Наша ніва. – 2012. – 31 кастрычніка. – С. 13.
  9. Ліс, М. Вучоны, педагог, літаратар : [да 100-годдзя з дня нараджэння] / Марына Ліс, Таццяна Жук // Веды. – 2012. – 30 кастрычніка. – С. 8.
  10. Пшыркова, Т. Дняпроўскія вытокі : [да 100-годдзя з дня нараджэння Юльяна Сяргеевіча Пшыркова] / Таццяна Пшыркова // Настаўніцкая газета. – 2012. – 30 кастрычніка. – С. 16.; 1 лістапада. – С. 8.
  11. Лапіцкая, А. Юльян Пшыркоў: слова пра легенду : [выйшла кніга, прысвечаная Ю.С. Пшыркову] / Алеся Лапіцкая // Літаратура і мастацтва. – 2015. – 21жніўня. – С. 6.
  12. Юльян Пшыркоў // Зара над Сожам. – 2016. – 3 верасня. – С. 4.
  13. Кавалёў, М. Заслужаны дзеяч навукі – з Кістянёў / Міхась Кавалёў // Свабоднае слова. – 2016. – 26 студзеня. – С. 3.